Пляцоўка беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs з 13 па 15 траўня ладзіць анлайн-рэтраспектыву стужак рэжысёркі Любові Зямцовай.
Год таму беларуская аўтарка трагічна загінула ў выніку аўтамабільнай аварыі разам з калегамі — прадусарам Уладзімірам Міхайлоўскім і гукарэжысёрам Максімам Гаўрыленкам. Любоў — адна з найбольш адметных постацяў новага пакалення беларускай дакументалістыкі, як яе паплечнікі і сябры — беларускага незалежнага кіно.
Блізкая дыстанцыя з героямі, рухомая камера, шчырая зацікаўленасць у моманце і часе, дэмакратычны фармат, эмпатыя, і… праца душы. Так можна апісаць стыль Любові. На пытанне аб тым, што цікавіць яе у людзях, пра якіх яна здымае фільмы, рэжысёрка адказвала: любоў.
Гэта праўда, але не зусім. На першым плане для Любові быў і заставаўся чалавек, яго ўнутранае жыццё, але аўтарка не пазбягала крытычнага погляду на рэчаінасць, і не хавала вачэй ад заганаў сістэмы ды грамадства. Чаму людзі гэта адчуваюць? Чаму ў іх жыцці столькі болю? — адметнасць позірку Любові Зямцовай у тым, што, уваходзячы ў чужое жыццё, яна падключала да яго свае сэрца і розум, выбудоўваючы з героем тонкую сувязь. Гэта амаль што сувязь сумеснага пражывання пэўнай сітуацыі, калі герой дазваляе рэжысёру ўбачыць уласную ўразлівасць, тое, як сацыяльныя ўстаноўкі ўплывоўваюць на асабістае.
Напрыклад, у фільме «Пра любоў: Іра» галоўная гераіня адкрывае перед намі пакуты свайго сэрца, уласны боль у сітуацыі, якая склалася: жанчына на сваіх плячах трымае сям’ю.
Ці замалёўка «Дзень перамогі», у якой ветэраны афганскай вайны робячы адно, потым прызнаюцца ў цалкам іншым.
Паўнаметражная карціна «Месца любові», дзе святло і ўнутраная прыгажосць маладых людзей — наведвальнікаў цэнтра вольнага часу для людзей з інваліднасцю — аказваюцца мацнейшымі за прадузятасць і абыякавасць грамадства, коснасць сістэмы.
У праграме анлайн-рэтраспектывы сем стужак аўтаркі, і варта дадаць, што некаторыя з прац будуць паказаныя ўпершыню. Па словах кіраўніка праекта Belarusdocs Алеся Лапо, анлайн-паказ прымеркаваны да 30-годдзя Любові Зямцовай: дзень нараджэння дакументалісткі — 14 траўня.
Усе фільмы праграмы будуць даступныя для прагляду на працягу 3 сутак (13 – 15 траўня) на сайце праекта папулярызацыі беларускага дакументальнага кіно belarusdocs.com.