У той час, калі афіцыйная заяўка ад Беларусі на кінапрэмію «Оскар» — фільм «Урокі фарсі» галівудскага рэжысёра ўкраінскага паходжання Вадзіма Перэльмана — са скандалам пакідае оскараўскую гонку, не прайшоўшы кваліфікацыю ў катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», у іншай намінацыі стужка нашага суайчынніка без праблем праходзіць «парог доступу» да конкурсу.
«Возера радасці» беларуса Аляксея Палуяна, фільм, зняты па матывах аднайменнага рамана беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча, на гэтым тыдні атрымаў кваліфікацыю ў катэгорыі «Найлепшы мастацкі кароткаметражны фільм». Якім чынам карціна без аніякай падтрымкі з беларускага боку патрапіла ў лігу «вялікага кіно»? Reform.by звязаўся з беларускім кінематаграфістам, які цяпер жыве ў Нямеччыне, каб павіншаваць яго з поспехам і распытаць пра асаблівасці нацыянальнай і замежнай кінаіндустрый.
— Алексей, віншую з кваліфікацыяй. Але ўсё ж якую краіну «Возера радасці» будзе прадстаўляць у оскараўскай гонцы?
— Справа ў тым, што наша стужка спаборнічае ў намінацыі «Найлепшы мастацкі кароткаметражны фільм». У гэтай катэгорыі карціна не вылучаецца пэўнай краінай. Фільм можа атрымаць кваліфікацыю ў намінацыі, дзякуючы перамозе на прэстыжных кінафестывалях, акрэдытаваных амерыканскай кінаакадэміяй. У нашым выпадку мы атрымалі Гран-пры ў Лос-Анджэлесе, на міжнародным кінафестывалі кароткаметражнага кіно, які мае адмысловую оскараўскую ліцэнзію, і такім чынам трапілі ў конкурс.
— Атрымоўваецца, што стужка «Возера радасці» прадстаўляе на «Оскары» саму сябе, калі можна так сказаць?
— Менавіта так. Але нагадаю, што стужка зробленая ў кааперацыі трох краін — Германіі, Беларусі і Іспаніі. На гэтым этапе краіны-вытворцы не бяруцца да ўвагі, але калі наша карціна трапіць у шорт-ліст, то тады ўжо будзе адзначацца галоўны вытворца, які зрабіў найбольшы ўнёсак у стварэнне.
— І хто ім з’яўляецца? Напэўна, Германія?
— Юрыдычна, так. Прынамсі, пакуль яшчэ рана загадваць, але я, натуральна, буду лабіраваць Беларусь (смяецца).
— Аляксей, літаральна пару тыдняў таму ў медыя актыўна абмяркоўваўся скандал з дыскваліфікацыяй фільма «Урокі фарсі», што быў вылучаны ў конкурс ад Беларусі. Паводле меркаванняў амерыканскіх кінаакадэмікаў, у беларускай заяўцы аказалася не надта шмат беларускага. Якое твае меркаванне на гэты конт?
— Я быў упэўнены на 97 адсоткаў, што ўсё так і будзе. У цэлым, мне было незразумела, чаму беларускі Нацыянальны оскараўскі камітэт вылучыў на «Оскар» гэты праект. Так, удзел беларусаў у стужцы ёсць, але каму належаць галоўныя правы на карціну? Грошы якіх краін укладзеныя ў вытворчасць? Якое дачыненне да Беларусі мае рэжысёр? Калі адказаць на гэтыя пытанні, адразу становіцца зразумелым, што стужка Вадзіма Перэльмана не тая кандыдатура, якая можа прадстаўляць Беларусь у конкурсе Амерыканскай кінапрэміі. На маю думку, вылучыць «Урокі фарсі» ад Беларусі на «Оскар» было нечым кшталту адпраўкі на «Еўрабачанне» Філіпа Кіркорава. Гучна, але аніякага дачынення да нацыяльнальнай культуры Беларусі.
— Ну, мяркую, што ад падобнай адпраўкі таксама не трэба заракацца.
— Вядома, смяцца мы з гэтага можам, але ў свеце так не робіцца. Калі ў вытворчасць фільма «Урокі фарсі» Беларусь уклала нуль цэнтаў, якія яна мае правы на карціну? Калі на стужцы працавалі нашы тэхнічныя кампаніі, былі задзейнічаныя беларускія лакацыі, скажам шчыра, гэта сэрвіс, але не большае.
— Добра, а ці не паўторыцца такая ж гісторыя з «Возерам радасці», калі — уявім лепшае — стужка патрапіць у шорт-ліст? На гэтым этапе, як ты кажаш, гэта не так важна, але што будзе далей? Наколькі мне вядома, асноўныя сродкі ўкладваліся ў фільм нямецкімі ўдзельнікамі праекту.
— Так, але рэжысёр — беларус, акцёры — беларусы. Мова карціны — беларуская. Месца дзеяння і здымак — Беларусь. Фільм зняты па рамане беларускага пісьменніка. І, бадай, самае галоўнае, калі казаць пра грошы, я таксама ўклаў у праект свае сродкі, і немалыя, адзначу — амаль палова. Я з’яўляюся прадзюсарам фільма. Усё разам і дазваляе мне казаць, што адной з краін вытворчасці «Возера радасці» з’яўляецца Беларусь. Але ты маеш рацыю: ад беларускіх дзяржаўных інстытуцый у гэтую карціну не ўкладзена ні цэнта.
— Аляксей, мы цяпер выходзім на цікавую тэму. Памятаю, колькі гадоў таму адно беларускае выданне ладзіла круглы стол з назвай «Калі беларускае кіно атрымае «Оскар?» па праблемах беларускага кінематографа. Назва дыскусіі, скажам прама, выклікала вылікую хвалю збянтэжанасці ў кінематаграфістаў і крытыкаў, але вось цяпер сітуацыя выглядае не так утапічна. Але, натуральна, узнікае пытанне: што трэба зрабіць беларускаму рэжысёру, каб патрапіць на оскараўскую гонку? Чаму, увогуле, так склалася, што ты пачаў шукаць грошы на сваю кароткаметражную карціну ў Германіі, а не ў Беларусі? Распавядзі, калі ласка, пра свой кейс.
— У мяне, як ты кажаш, кейс, сапраўды, мудрагелісты. Калі сцісла, то ён такі: я паехаў вучыцца ў Германію, бо не бачыў у Беларусі магчымасці атрымаць добрую кінаадукацыю. Паступіў у Касельскую мастацкую акадэмію да ўкраінскай рэжысёркі Яны Друзь. Толькі пасля шасці гадоў навучання, шэрагу знятых кароткаметражных фільмаў, у 2017-м годзе пачаў шукаць сродкі для вытворчасці «Возера радасці» ў нямецкіх кінафондах. Атрымаў іх, выйграўшы вялікі конкурс. Зняў карціну. А потым мы прайшлі з ёй вялікі фестывальны шлях, каб урэшце патрапіць у лонг-ліст «Оскара». Вось табе і ўвесь кейс, як ты кажаш.
— Гучыць няблага. Але ці не было ў цябе яшчэ на самым пачатку работы над фільмам жадання супрацоўніцтва са студыяй «Беларусьфільм», ці, скажам, намеру паспрабаваць выйграць конкурс Міністэрства культуры на фінансаванне праекта?
— Шчыра кажучы, я імкнуўся і імкнуся да гэтай пары трымацца далей ад нашых кінаінстытуцый. Палітыка нашай дзяржавы ў дачыненні да кіно падаецца мне цалкам сумнеўнай. Кшталту, «зараз назбіраем трактароў», і такі ж падыход да фільмаў. «Наробім некалькі карцін для птушачкі». Намаганне зарабіць грошы ды жаданне рабіць ідэалагічнае кіно — вось што я бачу ў той палітыцы. Два ў адным. Я не падыходжу ні ў першым, ані ў другім варыянце. Мне падаецца, што дзяржаўнае бачанне кароткага метру наступнае: «грошы ўсё роўна не заробіш, гэта кіно для малых». А што тычыцца ідэалогіі, то ўжо само імя Віктара Марціновіча ў цітрах падказвае, што тут патрэбнай дзяржаве ідэалогіі не будзе. Хоць гісторыя, якую мы знялі, як ты ведаеш, кранула гледача па ўсім свеце.
Але што тычыцца «Беларусьфільма», мы арэндавалі ў іх дзіцячыя касцюмы падчас здымак «Возера радасці». Гэта так, да слова.
— Вось цікава, што твой праект падтрымаў Дзяржаўны нямецкі кінафонд. Выбачай, дазволю сабе пытанне такога кшталту: і навошта ім гэта патрэбна? Рэжысёр — беларус, гісторыя — пра Беларусь, ну і што, што ён вучыцца ў Германіі?..
— Гэта падыход Германіі. Яны падтрымліваюць цікавыя праекты з міжнародным патэнцыялам, бо разумеюць, што гэта пытанне іх рэпутацыі. Яны інвестуюць такім чынам не толькі ў твой праект, але ў сваё кіно і бізнес. Плюс да ўсяго, гэта пытанне каштоўнасцяў, іх культурнай палітыкі, згодна з якой, кожны мае шанец на самарэалізацыю. І яшчэ адзін момант: у сучасным нямецкім кіно дэфіцыт сцэнарыстаў. Ёсць пара-тройка добрых аўтараў, тая ж Марэн Адэ, Андрэс Дрэсэн, Фаціх Акін і, бадай, усё (я цяпер кажу пра сапраўднае мастацтва). Сыходзіць Хэрцаг, Вэндэрс, Шлёндарф, Клюге, вялікае пакаленне немяцкіх кінарэжысёраў, зразумела, што варта думаць пра будучыню. Таму яны падтрымліваюць праекты, у якіх бачаць патэнцыял, нават калі іх аўтары ў пэўным сэнсе,эмігранты, як я.
— А што на конт Берлінскай кінашколы: Крысціян Петцольд, Ангела Шанэлек?
— Мне падаецца, што іх немагчыма параўнаць з Хэрцагам, Вэндэрсам. Ва ўсялякім разе, на маю думку. Немцы, мне падаецца, самі разумеюць, што ім патрэбны новы позірк, таму і пайшлі шляхам капрадукцыі. Яны зацікаўленыя ў новых аўтарах, падтрымліваюць іх. Хоць у мяне беларускі пашпарт, я адчуваю, што яны бачаць мяне сваiм.
— А ў нас ты ўжо не свой?
— Для пэўных людзей — свой. Але не для дзяржавы. Я увогуле не магу ўявіць, як у нас магчыма здымаць годнае кіно. У нас няма кінафонду, які займаўся б фінансаваннем і сапраўдным лабіраваннем беларускага кіно, які шукаў бы тых самых маладых беларускіх аўтараў, распрацоўваў нейкія праекты сумесныя з іншымі краінамі. Можна падумаць, што ў нас сотні выбітных рэжысёраў, сцэнарыстаў, беларускае кіно квітнее, і штогод мы запускам з тузін праектаў з Еўропай. У нас жа і заканадаўства адпаведнага, каб рабіць міжнародныя праекты, няма. Толькі і можам, што «хвосцікам» зачапіцца за Расію.
— Як з «Урокамі фарсі»?
— Як з «Урокамі фарсі». Таму, вядома, мне вельмі пашчасціла, што ў Германіі ў мяне паверылі, і, лічы, дазволілі за іх грошы здымаць беларускія фільмы, давайце назавём рэчы сваімі імёнамі. Больш за тое, цяпер з «Возерам радасці» ў межах оскараўскага перыяду вырашыла працаваць адно знакамітае і добрае піяр-агенцтва «Джейсан Джоўсан піар». Два гады запар фільмы, з якімі яны працавалі, атрымлівалі «Оскары» як лепшыя кароткаметражныя карціны. Гэта вельмі прыемна, што яны прапанавалі нам супрацоўніцтва. Аднак праца іх каштуе нятанна. Але як толькі нямецкі кінафонд даведаўся, што «Возера радасці» кваліфікаваўся на «Оскар», на наступны дзень мне патэлефанавалі з нямецкага кінафонду і прапанавалі падтрымку, каб аплаціць паслугі PR-агенцтва для оскараўскай гонкі. Бо ёсць разуменне таго, як працуе індустрыя.
— Дарэчы, а з беларускага боку да цябе нехта звярнуўся?
— Цяпер паступіла прапанова з паўторным пракатам стужкі. Дзякуй за гэта. Але, па-шчырасці, сітуацыя мяне на пачатку моцна здзівіла. Ніхто не напісаў ні ліста, ні паведамлення. Натуральна, нікога не цікавіць рэпутацыя беларускага кіно! Дар’я, вось вы пытаецеся пра тое, як беларускаму рэжысёру трапіць на «Оскар»? Ніяк! Мы, маладыя рэжысёры, усе самі па сабе. Выжываем і дзейнічаем самастойна. Ды калі ўжо зусім абагуліць, мне падаецца, што і беларускае грамадства жыве самастойна. Людзі — асобна, дзяржава — асобна. Ды анічога з беларускай кінематаграфіяй, як з індустрыяй, не будзе, пакуль у яе не прыйдуць прафесіяналы. Бадай, такая справа з ўсімі сферамі.
— Што ты мяркуеш рабіць далей?
— Буду арыентавацца на вядомыя прыклады — на таго ж Рамана Паланскага, які, быўшы польскім рэжысёрам, большую палову жыцця пражыў у Францыі, на Паўла Паўлікоўскага. Буду далей шукаць грошы ў Нямечынне, каб здымаць кіно пра Беларусь. Дарэчы, цяпер я працую над сцэнарыем свайго новага мастацкага фільма, і ўжо ёсць фінансаванне праекту з нямецкага боку.
— Дарэчы, я чула, што і твая новая дакументальная стужка «Кураж», якую ты здымаў у 2019-м, і вось у 2020-м годзе, ужо гатовая. Ці так?
— Больш за тое, яна не проста гатовая, а ўжо адабраная ў праграму аднаго з буйных кінафестываляў. Застаецца пачакаць літаральна тыдзень, калі я атрымаю права сказаць, пра які кінафорум ідзе гаворка.
— Пра што яна, можна дазнацца?
— Фабульна яна пра трох незалежных мастакоў, творцаў, якія жывуць у Беларусі, і знаходзяць свой шлях існавання ў беларускіх умовах. Але яна, па-сутнасці, пра дух свабоды і годнасці, які жыве ў гэтых людзях. Дух годнасці, які прачнуўся ў беларускім грамадстве летась. Я быў у Беларусі ў жніўні і верасні 2020 года, і паспеў засняць жнівеньскія падзеі. Яны і сталі кульмінцыяй «Куражу».
Вяртаючыся да твайго пытання: вось ты можаш уявіць, каб на гэты фільм мне дало грошы Міністэрства культуры Беларусі? Ці вылучыла б яго на «Оскар»?
Мяркую, што адказы ўсім вядомыя.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: