Незалежны анімацыйны праект «Блізняты-важаняты» рыхтуе для гледачоў навагоднюю серыю. Яе выхад чакаецца літаральна ў першыя дні новага года. «Мульцік сабралі, песенку — запісалі, засталіся толькі цітры і шумы», — паведаміла навіны пра новую стужку мультсерыяла аўтар яго ідэі і прадзюсарка Марыя Грыц. Натуральна, новы эпізод будзе пра цуд. «І пра той цуд, які мы ўсе чакаем«, — інтрыгуе Марыя.
Нагадаю, што першы эпізод «Блізнятаў-важанятаў» нарадзіўся яшчэ ў чэрвені. Гэта была простая і неверагодная ідэя Марыі Грыц — стварыць беларускамоўны серыял для дзятак, вясёлы і гарэзлівы, з сімпатычнымі героямі, яскравай анімацыяй ды песенкамі. Сродкі на першы фільм праекта збіралі ўсім светам — на адной з краудфандынгавых платформаў. Напачатку мала хто верыў у поспех ініцыятывы, але цуд здарыўся: каманда мультсерыяла сабралася выдатная, пілот людзі падтрымалі. І ў выніку першая стужка атрымалася такой сімпатычнай, што прыйшлася даспадобы самай рознай публіцы — не толькі беларускамоўнай. Каманда вырашыла на пэўны тэрмін паставіць сваю дзейнасць на паузу, пакуль…
Пакуль не прыйшоў час зрабіць працяг серыяла. Марыя Грыц вырашыла ўзяцца за гэта, падавалася б, у самы неспрыяльны час. Увосень. Калі сітуацыя ў краіне змянілася карэнным чынам, калі нават сама Марыя пабывала на Акрэсціна.
— Але менавіта ў гэты момант я адчула, што мы павінны супрацьстаяць таму ціску, які на нас аказваецца, — кажа яна. — Я спытала сваіх добрых знаёмых: як вы паставіцеся да такой ідэі, што мы распачнем кампанію па збору сродкаў на новую стужку мультсерыяла? Шчыра кажучы, мне нават пытацца было няёмка, бо столькі навокал людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Але мае знаёмыя паставіліся да прапановы цалкам пазітыўна ды нават ухвалілі яе. Мне стала зразумела, што нам усім патрэбны глыток свежага паветра.
У выніку на другі эпізод «Важанятаў» сродкі былі сабраныя літаральна за месяц.
Цікава, што, уласна, сама каманда «Блізнятаў-важанятаў» пачала рабіць другі фільм яшчэ да пачатку старта краудфандынгавай кампаніі. «Аніматары мне сказалі, што яны малююць, бо ўжо не могуць не маляваць«, — смяецца Марыя.
Урэшце, новая стужка ўжо амаль гатовая; да яе прэм’еры засталося ўсяго нічога.
Што ж мы ў ёй убачым? Караценькі сюжэт дзюххвіліннай карціны прадзюсарка апісвае так.
— Маленькія вожыкі-дзеткі і іх вожыкі- бацькі рыхтуюцца да Новага года. Яны збіраюцца ля ялінкі, ва ўсіх святочны настрой. Паколькі адна з мэтаў нашага праекта навучыць дзетак беларускім словам і маўленню, — у стужцы будзе святочная беларускамоўная песенка. Калі Ганна Янкута пранавала нам свой вершык па тэме, мы літаральна адразу вырашылі пабудаваць канцэпцыю фільма вакол яго — такі ён класны. Па-сутнасці, другі эпізод будзе ўяўляць сабой амаль музычны кліп. Ды ўсё ж у стужцы будзе цікавы сюжэтны твіст. Я нават вам трошкі зайздрошчу, бо вы яго яшчэ адкрыеце.
Каманда, што працуе над другім эпізодам «Блізнятаў-важанятаў», засталася амаль у тым жа складзе, што і ў першым фільме. Гэта прафесійны аніматар Ірына Забэла, сцэнарыст Ганна Янкута, рэжысёры Алена Барушка, Наталія Хаткевіч-Дарвіна, аўтар персанажаў Святлана Катлярова, гукарэжысёр Віталь Кулеўскі… Аўтарам музыкі галоўнай песні выступіў Пафнуці Кузюкян. А выконваць навагоднюю кампазіцыю будзе Алена Зуй-Вайцяхоўская.
— Гэта будзе такая «цукерачка» не толькі для дзяцей, але і дарослых, — падсумоўвае Марыя Грыц.
Паглядзець пакуль першыя серыю «Блізнятаў-важанятаў» можна тут.