Лявон Вольскі сёння прэзентаваў кліп на песню «Ворагі народу». Рэжысёрам відэа на новую песню музыкі выступіў Мацвей Сабураў. У роліку кліпмейкер «зарыфмаваў» абліччы з карцін Гіраніма Босха з выявамі сілавікоў, пратэстаў, дадаўшы сімвалічны план падзеям у Беларусі.
— Гэта была ідэя Мацвея — задзейнічаць карціны галандскага мастака, — распавёў пра супрацу з даўнім партнёрам спадар Лявон.
— Выкарыстоўваць толькі нарэзкі з разгонаў сілавікоў, захопаў — гэта было б вельмі ў лоб, не творча. Мы і так досыць адкрыта выказваем наша стаўленне да сітуацыі, — пракаментаваў творца. — У кліпе ўсё выглядае проста, але там досыць складаны мантаж. Трэба было рабіць усялякія расфарбоўкі — і Мацвей працаваў над імі некалькі дзён.
— Мяркую, што па пасланні рэжысёў меў на ўвазе такое цёмнае Сярэднявечча, — удакладняе музыка. — Аналаг з ім можна знайсці абсалютна дакладна.
Сама кампазіцыя «Ворагі народу» была запісана ў Вільні. Гісторыя яе запісу даволі цікавая.
— Мы супрацоўнічаем з нарвежскім прадзюсарам, які ў Вільні мае студыю. Неяк наведалі горад па справах, удзельнічалі ў адным канцэрце, і стэлефанаваліся з ім. Ноберг гаворыць: «Калі ў вас ёсць нейкі матэрыял гарачы, то можам зрабіць песню. Напрыклад, заўтра…» — узнаўляе забаўную сітуацыю Лявон Вольскі. — У выніку, рэфрэн у студыі ўжо дапісвалі разам. Не хапіла часу яго папярэдне дапрацаваць. Урэшце прыйшла такая гармонія — і Норберг досыць хутка рэалізаваў песню.
Увогуле, трэк «Ворагі народу», яго нататкі, быў «выцягнуты» з матэрыялу для новага альбому.
— Але калі будзе новы альбом — досыць невядома, — пракаментаваў гэты момант спадар Лявон. — Зараз такі час — хутка ўсё змяняецца, можна не патрапіць у ноту. Альбом, раман ці аповесць — займацца буйной формай у такой сітуацыі цяжка. Аднак натхненне на кароткія формы — песню, эсэ — ёсць.
Прэ’мера песні і кліпа «Ворагі народа» адбылася 18 верасня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: